Наталля Каліцька "Камарыкі"

Звінелі два камарыкі,
Свяцілі два ліхтарыкі,
Заснула немаўлятка-
Маленькае дзіцятка.

Па небе месяц ходзіць,
Дрымоту, сон наводзіць.
Камарыкам не спіцца.
І сон зусім не сніцца.

Камарыкі –званарыкі,
Маленькія гусарыкі,
Вы моцна не гудзіце,
Данілку не будзіце.

Камарыкам цікава:
А сон той злева, справа?
За ім так цікавалі,
Аж шчочкі пакусалі.

Надзея Шылавец "Сонейка і Я"

Сонейка спякотнае –
Я тады самотная.
Сонейка шчаслівае –
Я стала гаварлівая.

Сонейка ярчыстае –
Я заўсёды чыстая.
Сонейка лагоднае –
Я цяпер свабодная.

Сонейка прыроднае –
Я ўсім задаволена.
Сонейка харошае –
Я самая прыгожая.

Михась Карцянещ "Талерам срэбным Месяц гарыць ..."

Талерам срэбным Месяц гарыць,
Зьзяе ўсёй моцай поўні,
Пакінуўшы човен латаны, стары,
Сабраўшы аблокаў бавоўну,

Юпітэр стракаты туліцца блізка,
Зь ім дзетак найбольшых чацьвера;
Іо, Эўропа, Ганімед і Каліста,
Імчаць мітусьліваю хеўрай…

Талерам срэбным Месяц гарыць,
Зьзяе ўсёй моцай поўні!
Я бы табе змог яго падарыць,
Каб быў з тытанамі роўня.

Наталля Каліцька "Калыханка для Мацейкі"

Скача ў полі верабейка,

Спаць не хоча наш Мацейка.
Заблудзіліся дрымоты,
Пратапталі нават боты.

Я дрымоты пагукаю.
Калыханку праспяваю.
Люлі - люлі, люлі -бай.
Спі, наш хлопчык, засынай.

Адгукнуліся дрымоты,
Прыляцелі на вароты.
Люлі - люлі, люлі-бай.
Спі, наш хлопчык, засынай.

Я вароты адкрываю,
Сон-дрымоту запрашаю.
Люлі-люлі, люлі-бай.
Спі, наш хлопчык, засынай.

Прытуліўся сон да шчочкі,
Закрывай, наш хлопчык, вочкі.
Люлі-люлі, люлі-бай.
Спі, Мацейка, засынай.

Засынае ўся сямейка,
Нават у полі верабейка.
Люлі-люлі, люлі-бай.
Спі, Мацейка, падрастай.